Карпюк Аляксей

Карпюк Аляксей
  • Язык: Белорусский
  • Пол: мужской
Об авторе:
Аляксей Карпюк нарадзіўся 14.04.1920 г. у вёсцы Страшава на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і. Скончыў два класы польскай гімназіі ў Вільні. У 1939-1941 гг. вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. У час выканання дыверсіі на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзірам партызанскага атрада імя К.Каліноўскага на Гарадзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1949). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана (1949-1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953), у Гарадзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955-1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г. - загадчык агенцтва «Інтурыст» (Горадня), з 1965 г. - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г. - упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977-1981 гг. - дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Горадні, з 1978 г. - зноў сакратар абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары» (Польшча). Заслужаны работнік культуры БССР (1980). Памёр 14.07.1992 г. У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «У адным інстытуце». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (нарыс, 1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Чаго мы варты» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», 1970), «След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (казка, 1986), раман «Карані» (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах у 1980 г. і 1990-1991 гг. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».